Мазаіка КастрычнікГісторыка-культурная каштоўнасць 2-й катэгорыі, помнік мастацтва
Мазаіка «Кастрычнік» г. Мінск, вул. Кальварыйская, 1

У сучасным беларускім выяўленчым мастацтве творчасць Аляксандра Міхайлавіча Кішчанкі займае значнае месца. Ён – жывапісец, майстар партрэта, габелена, манументаліст, педагог, народны мастак Беларусі (1991 г.), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1980 г.) Яго лепшыя творы вядомы не толькі ў нашай рэспубліцы, але і далёка за яе межамі.

Будучы мастак нарадзіўся ў вёсцы Белы Калодзеж Багучарскага раёна Варонежскай вобласці. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў Прыдонні. Прафесійную адукацыю атрымаў у Львоўскім дзяржаўным інстытуце прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва (1960 г.). З 1961 г. удзельнічаў у мастацкіх выставах. Адразу пасля інстытута працаваў у Кіеве ў творчай брыгадзе манументаліста І.С. Літоўчанкі. Стварыў шэраг мазаічных пано для рэспубліканскага інстытута фізіялогіі і аховы раслін, рэстарана «Метро».

У 1963 г. мастак прыехаў у Беларусь. З 1963 па 1973 г. працаваў на аддзяленні манументальна-дэкаратыўнага жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (тады Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут). Адначасова актыўна займаўся творчасцю ў галіне манументальнага і станкавага жывапісу, арганізацыяй габеленавай вытворчасці ў рэспубліцы. Як прызнаваўся мастак, тэмы яго работ заўсёды былі звязаны з сучаснасцю, з зямлёй, з космасам, з чалавекам. Чалавек у яго творах паўстае ў моманты, вельмі істотныя для яго ўнутранага жыцця.

Значную частку ў творчасці Аляксандра Кішчанкі складаюць жывапісныя палотны, аднак мастак шмат працаваў у манументальным мастацтве, дзе ён, безумоўна, здабыў прызнанне. Да найбольш значных твораў манументальнага жывапісу адносяцца мазаічныя кампазіцыі «Партызаны» на фасадзе гасцініцы «Турыст» (1973 г.) і «Кастрычнік» на фасадзе будынка праектнага інстытута «Белдзіпрахарчпрама» на вул. Кальварыйскай (1975 г.), чатыры пано «Горад-воін», «Горад навукі», «Горад культуры» і «Горад-будаўнік» на тарцах жылых дамоў па пр. Незалежнасці ў мікрараёне Усход (1978 г.).

Манументальны жывапіс у выяўленчым мастацтве рэспублікі пачаў займаць адметнае месца з пачатку 1960-х гг. Невыразную архітэктуру 1960-х гг. мастакі імкнуліся пластычна аздобіць сродкамі манументальнага мастацтва, зрабіць пэўны акцэнт у гарадской забудове. У канцы 1960-х гг. мастакі разам з архітэктарамі зрабілі першыя крокі сумеснага праектавання, удзелу пластычных мастацтваў у фарміраванні гарманічнага асяроддзя. Першай такой спробай з'явілася работа мастакоў Г. Гаркунова і А. Кішчанкі ў фае кінатэатра «Маяк» у Мінску – сграфіта на тэму «Маяк» (1969 г.)

Уздыму манументальнага жывапісу, пашырэнню яго жанравых межаў, сістэмы сродкаў і спецыфікі ў немалаважнай ступені паспрыяла пастанова «Аб далейшым развіцці і прапагандзе манументальнага мастацтва ў рэспубліцы». Яна абавязала Саюз мастакоў, Саюз архітэктараў, Міністэрства культуры больш увагі надаваць развіццю манументальнага жывапісу ў сінтэзе з архітэктурай.

Па прызнанні майстра: «Связь архитектуры и монументального искусства – сложная. Она всегда предполагает слияние, дополнение, противопоставление и единство. Я, прежде чем приступить к работе, должен понять социальный смысл и назначение сооружения, его стиль, его ритмы, его образный строй. Исходя из этого понимания, пытаюсь свободно, творчески решать свои собственные задачи, определять меру внутреннего слияния или внутреннего контраста моего произведения с данным архитектурным объектом». Ідэальнымі з'яўляюцца выпадкі, калі мастак і архітэктар працуюць сумесна.

Па глыбокай перакананасці Кішчанкі, пры тагачасным будаўніцтве па тыпавых праектах мазаікі, фрэскі, кераміка, скульптура павінны выкарыстоўвацца не толькі для аздаблення будынкаў, а найперш, як сродак ідэйна-мастацкага, эстэтычнага ўспрыняцця. Прымяненне розных відаў манументальна жывапісу ў збудаваннях тыпавога будаўніцтва ўзбагачае і надае індывідуальны знешні выгляд будынкам.

Аб сваёй рабоце над мазаікай «Кастрычнік» мастак успамінае: «Меня отговаривали, убеждали, что Юбилейная площадь, на которой расположено здание, не подготовлена для панно. Но я помнил, в каких плохих интерьерах писали свои фрески старые мастера. О синтезе искусств у нас написаны тома, а практически сделано мало. И я решил делать. Но монументальная вещь, как сцена в театре, должна работать всем архитектурным пространством. И я шел от глубины, от пространства – пусть даже не подготовленной площади. Поэтому-то в мозаике такое сложное двойное движение, такая глубина».

У мазаічным пано «Кастрычнік» мастак імкнуўся праз незвычайную кампазіцыю і колеравую пабудову «адарвацца» ад стандартнай архітэктуры, напоўніць сваю работу дынамікай і глыбінёй прасторавага вырашэння па законах тэатральнай перспектывы.

 

(матэрыял падрыхтаваны навуковым супрацоўнікам
ААТ "Праектрэстаўрацыя" Чарняўскім А.І.)