Гісторыка-культурная каштоўнасць – будынак № 4 па вул. Свярдлова ў г. Мінску

Будынак па вул. Свярдлова, 4 (гістарычны адрас – Каломенская, 2) з’яўляецца помнікам архітэктуры пачатку ХХ ст.

У 1910-1913 гг. па вул. Каломенскай, 2 стаяў аднапавярховы драўляны дом на мураваным падмурку. У ім знаходзілася кантора начальніка 2-га аддзялення Лібава-Роменскай чыгункі і квартэра. У двары за домам размяшчаліся двухпавярховы змешаны флігель з драўлянай аднапавярховай прыбудовай.

У 1915 г. уласніцай (Стацэвіч Д.В.) у Мінскай гарадской управе был атрыман дазвол на ўзвядзенне мураванага аднапавярховага дома і мураванай прыбудовы да існуючага флігеля. Аднак у сувязі с пачаткам Першай сусветнай вайны будаўніцтва так і не пачалося. У 1921 г. пляц з забудовай быў муніцыпалізаваны, тут размясціўся дзіцячы дом № 12. Затым (пасля высялення дзіцячага прытулку ў 1923 г.) будынкі па вул. Каломенскай, 2 былі перададзены Галоўнаму ўпраўленню міліцыі Беларусі. У гэты час упершыню дакументальна згадваецца на пляцы мураваны будынак, другі паверх якого недабудаваны. Гэта сведчыць, што захаваўшыйся да нашага часу будынак па вул. Свярдлова, 4 быў пабудаваны ў 1918-1923 гг.

Будынак прамавугольны ў плане, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад вырашаны асіметрычна. Паверхі аддзелены карнізным поясам. Прамавугольныя аконныя праёмы - без ліштваў. Частка будынка з галоўным уваходам вылучана падвойным вузкім акном і дэкаратыўным элементам у выглядзе шматслойнай паўцыркульнай аркі.

У 1999 г. у выніку рэканструкцыі павялічаны аб’ём дома, зроблены мансардны паверх і прыбудовы да тарцавога і тыльнага фасадаў.

У будынку размешчаны музей гісторыі беларускага кіно (філіял установы «Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь»).

Историческая справка по зданию Свердлова, 4 Историческая справка по зданию Свердлова, 4