Арэна ў чаканні апладысментаў

Цяжкiя шторы хаваюць ад цiкаўных позiркаў тое, што адбываецца на арэне. Адтуль даносiцца мужчынскi голас: «Крокам!» Тупат капытоў знiжае канцэнтрацыю. Гукавую прастору, што вызвалiлася, займае цяжкое дыханне каня. Нарэшце расхiнаю шторы. А там…

З-за пандэміі апошняе прадстаўленне артысты далі 29 сакавіка.

I каня на скаку спынiць

— Не падыходзьце! — мой суправаджальнiк, памочнiк галоўнага рэжысёра Павел Ермалаеў, затрымлiвае мяне жэстам. На арэне жвавы, свавольны конь. Зусiм малады. Аб нораве Задыяка чулi ўсе цыркавыя.

З iм адзiн круг (па арэне. — Заўв. рэд.) за тры! — абмяркоўваюць памiж сабой артысты-наезнiкi.

На рэпетыцыі артысты-наезнікі працуюць са страхоўкай.

Пры мне ж гэты хлопец паводзiць сябе цалкам прыстойна: напэўна, паступаецца характарам перад гасцямi. Робiць добрае ўражанне.

З-за пандэмii каронавiруса апошняе прадстаўленне артысты далi 29 сакавiка. З тых часоў зала не сустракала нiводнага гледача. Таму адчуваю сябе крыху асаблiвай. Сёння мне першай выпаў гонар паглядзець вытрымкi з новай праграмы.

Выкананне акрабатычных трукаў на конях называюць джыгітоўкай.

На арэне злёгку прыглушанае святло. У цэнтры два браты — Руслан i Сяргей Лазаравы. Абодва — дрэсiроўшчыкi. Руслан займаецца коньмi, Сяргей — вярблюдамi i ламамi. Праўда, ад джыгiтоўкi — акрабатычных трукаў на конях, якiя скачуць, — не адмаўляюцца. I выконваюць iх годна. У праграме ўдзельнiчае i дэбютант: упершыню на манеж Белдзяржцырка выйдзе Юлiя Лямешкiна. Яе падапечны — Хан. Конь высакароднай цёмнай афарбоўкi. На iм наезнiца робiць тры трукi: упоперак, дамскi i хустачкi.

— Самы вiдовiшчны — хустачкi, — бярэцца за расповед аб акрабатычных элементах Юлiя. — Яго сутнасць: артыст раскiдвае чатыры хусткi па пiсце (скакавой дарожцы на манежы). Адну нагу запускае ў стрэмя i падае ўнiз, збiраючы хустачкi дагары нагамi.

За рухамі кожнай танцоўшчыцы балета бесперапынна сочыць балетмайстар Алена Бацян.

Нумар з тыграмі

Новую праграму стварылi ў стылi беларускай культуры: мiфалогii, фальклору, вядомых музычных iнструментаў. Упершыню гэту iдэю правядуць праз усё прадстаўленне. Нават у нумар з тыграмi пранiкаюць традыцыi краiны. Якiм чынам — арганiзатары пакуль не раскрываюць. Пазбавiць гледача таямнiцы прадстаўлення — як расказаць канцоўку кнiгi. Дарэчы, 25 верасня артысты паказваюць гатоўнасць праграмы мастацкаму савету цырка. А гэта значыць, што да ўстаноўленага тэрмiну ўсё павiнна быць на вышэйшым узроўнi. Прэм’ера — 10 кастрычнiка. Засталося менш за месяц да таго моманту, калi холы Белдзяржцырка ажывяць шматлiкiя наведвальнiкi.

Падчас нумара Наталія НАРЫШКІНА часта звяртае ўвагу на гледачоў: спрабуе зразумець, ці ўдала праходзіць выступленне.

— Самым цiкавым будзе вопыт працы клоўнаў ва ўмовах пандэмii, — заiнтрыгоўвае галоўны рэжысёр Белдзяржцырка Ала Нiкалаева-Алiева. — Яны пастаянна знаходзяцца ў кантакце з гледачом. Зараз жа стаiць задача зрабiць якасную i ўдалую рэпрызу без прамых зносiн з людзьмi. Паглядзiм, што з гэтага атрымаецца. Але калi ўсё пройдзе гладка, гэта будзе сапраўдным прарывам у жанры дывановых артыстаў!

Людзi лятаюць, як птушкi

— Не, я не так прасiла вас устаць! — эмацыянальныя заўвагi балетмайстра Алены Бацян чуваць да ўваходу ў глядзельную залу. Яна ўважлiва сочыць за жэстамi кожнай танцоўшчыцы балета. Мiмаходзь паспявае накiраваць фатографа нашай рэдакцыi туды, дзе кропка здымкi будзе больш удалай.

Дзяўчаты вабна рухаюцца па арэне. У плаўных рухах знаходжу штосьцi вельмi пачуццёвае i хiтрае адначасова. У творчую гульню ўступае паветраная гiмнастка Наталія Нарышкiна. Яна робiць некалькi па разам з балетам i распачынае трукi «высокага палёту». Уздымаецца пад купал, аблытаўшыся рэквiзiтам — сеткай.

Паветраная гімнастка робіць некалькі па разам з балетам. Потым распачынае трукі «высокага палёту».

— Для мяне гэта самы складаны iнструмент, — шчыра прызнаецца гiмнастка. — З сеткай нельга спрачацца, ёй трэба скарыцца. I толькi тады падчас працы перастанеш заблытвацца, рэзаць скуру.

Падчас нумара, калi Наталія на некалькi секунд затрымлiваецца ў адным труку, яна часта звяртае ўвагу на гледачоў. Спрабуе зразумець, цi ўдала праходзiць выступленне.

— Бывае, у вачах проста чытаецца: «Навошта яна туды палезла?!» А часам бачыш шчырае здзiўленне: «Ого! Хiба такое магчыма?!» Вядома, прыемна назiраць захапленне. Адразу прачынаецца другi паток натхнення i сiл.

Што ж, цяпер на паказ толькi са здзiўленнем у вачах! Раптам маё шчырае захапленне надасць артыстам новых сiл. Яны ж дораць нам столькi станоўчых эмоцый.

Новость предоставлена — БЕЛАРУСЬ СЕГОДНЯ